Белорусская народная сказка /на белорусском языке/

Дурныя людзі

Жыў сабе дзед з бабай. І была ў іх дачка. Кажа дзед бабе:
– А што, баба, прымем мы зяця да дачкі?
А баба кажа:
– Прымем!
І прынялі яны зяця-салдата.
Аднойчы зяць паехаў у поле араць, бацька дома застаўся, баба стала ў печы паліць, а дачка пайшла малоць у жорнах. Малола яна малола, ажно лапацень* з жорнаў вываліўся! Стала яна плакаць. Плача і прыгаворвае:
– А што, калі б у мяне дзіцятка было, дык яно б на загнеце* сядзела, лапацень вываліўся ды дзіцятка б забіў!
Прыходзіць матка і пытае:
– А чаго ж ты плачаш?
– А таго, што калі б я дзіцятка мела, ды на загнеце пасадзіла, а лапацень вываліўся б і дзіцятка забіў!
Стала і матка плакаць. І плачуць удзвюх. Прыходзіць бацька.
– А чаму ж вы плацаче?
Кажа яму баба:
– А таго, што каб нашая маладзіца дзіцятка мела, ды на загнеце пасадзіла, а лапацень вываліўся, дык дзіцятка б забіў!
Ото заплакаў і дзед. Ужо плачуць яны ўтрох. А зяць у полі чакаў-чакаў абедаць, а ніхто не ідзе. Прыходзіць у двор, ажно дома ўсе плачуць. Як убачылі зяця, сталі ўсе на яго сварыцца.
– А чаму ты лапатня не прыладзіў добра?! Маладзіца ў жорнах малола, лапацень вываліўся, а калі б яна дзіцятка мела ды на загнеце пасадзіла, дык лапацень жа дзіцятка б забіў!
Раззлаваўся зяць, плюхнуў шапку ў ногі і пайшоў упрочкі!
Ішоў-ішоў дарогаю, зайшоў да аднаго гаспадара. Ажно там абедаюць: ядуць кісель з сытой*. Зачарпнуць па лыжцы кісялю, а тады ўсе ідуць у клець кісель у сыту макаць. З’ядуць – ізноў зачарпнуць і зноў ідуць у клець макаць. Тады салдат кажа:
– Што гэта вы робіце?
– А ці не бачыш: кісель з сытой ядзім.
– Дык як жа вы ядзіце? За сытою кожны раз усе ў клець ходзіце…. Калі дасцё мне паабедаць, дык я навучу вас, як трэба рабіць, каб усе ў клець не хадзілі!
– О, добра! Дамо, толькі ж навучы!
Салдат наклаў у міску мёду, наліў вады – ото й сыта! – і паставіў на стол. Сталі ўсе есці, і салдат паабедаў. Падзякаваў ён і пайшоў далей. Ідзе-ідзе сабе, ажно пара падыйшла палуднаваць. Тады ён – да першай хаты. Бачыць: дзед з бабай стаяць на даху і вала за рогі цягнуць туды.
– Што гэта вы робіце?
– А ці не бачыш? На даху трава вырасла, дык мы хочам сюды вала зацягнуць, каб ён гэтую траву паеў.
Тады салдат кажа:
– Ну, калі дадзіце мне палуднаваць, дык я вас навучу, як гэтую траву дастаць.
– Добра, дадзім, толькі ж навучы.
Узяў салдат серп, траву на даху пажаў і валу скінуў. Накармілі дзед з бабай салдата. Пад’еў ён і пайшоў. Ідзе па дарозе, бачыць: будуюць людзі хату. І ўсё па сцяне цягаюць бервяно. Салдат кажа:
– Дзень добры вам! Што гэта бы, добрыя людзі, робіце?
– А хіба ты не бачыш? Во бервяно кароткае, не падыходзіць, дык мы яго хочам выцягнуць.
Салдат кажа:
– Ну, калі дасце мне грошай, то я вам яго выцягну.
– Добра, дадзім.
Салдат узяў з груды доўгае бервяно, прымераў да сцяны, абчасаў – выйшла акурат тое, што трэба. Далі салдату за гэта два рублі. Ён узяў і пайшоў далей. Бачыць – мужык пабудаваў новую хату і ўсё нешта туды кашом носіць.
– Дзень добры, – кажа салдат. – Што гэта ты робіш?
– А вось я пабудаваў хату, ды цёмна ў ёй. Дык я хачу сонца ў хату напусціць.
– Ну, калі дасі мне грошай, – кажа салдат, – дык я табе зараз поўную хату сонца напушчу.
– Добра, дам.
Узяў тады салдат сякеру, прасек вокны, і стала ў хаце светла. Даў салдату мужык тры рублі, ён падзякаваў і пайшоў далей. Ідзе, а ўжо ноч на дварэ. Зайшоў ён у адну хату.
– Дзень добры, гаспадар! Пусці ноч начаваць.
– Начуй.
Салдат заначаваў. Толькі кажа той гаспадар сваёй бабе:
– Трэба нам, баба, барана зарэзаць.
Прывялі барана ў хату, хочуць рэзаць, а ён проста ў вочы ім глядзіць. Тады кажа мужыку баба:
– Як мы будзем яго рэзаць, калі ён нам у вочы глядзіць?
А салдат кажа:
– Я вам гэтага барана так зарэжу, што ён у вочы не будзе глядзець, толькі вы мне дайце за гэта баранаву галаву.
– О, то добра, рэж!
Патушыў салдат лучыну, стала ў хаце цёмна, ну і адрэзаў барану галаву навобмацак.
На другі день ўзяў салдат баранаву галаву і пайшоў далей. Ішоў-ішоў, заходзіць па дарозе да шляхтаў. Ажно там на гумне панічы малоцяць.
– Дзень добры, – кажа салдат. – А ці не можна ў вас баранаву галаву абсмаліць?
– Не, тут няможна. Ідзі лепей у хату, наша матка ў печы паліць, дык ты ў яе і абсмалі тую галаву.
Прыйшоў салдат у хату і кажа:
– Панічы казалі, каб я ў цябе галаву абсмаліў.
Матка загаласіла:
– Авой, салдат хоча мне галаву абсмаліць! Не смалі, салдацік, пашкадуй! Што хочаш бяры, толькі ж не смалі!
– Добра, – кажа салдат. – Дай сто рублёў, дык не буду тады смаліць.
Яна дала яму сто рублёў, салдат і пайшоў хутчэй далей. Тым часам прыйшлі панічы ў двор, ажно матка галосіць.
– Што гэта вы сказалі салдату ў мяне галаву абсмаліць?
– Дык жа гэта мы казалі баранаву, а не тваю. Ён цябе падмануў!
Тут большы паніч ускочыў на каня і паехаў таго салдата даганяць. А салдат тым часам вывернуў армяк і шапку навыварат і ідзе па дарозе. Дагнаў яго той паніч і не пазнаў салдата.
– Дзень добры, чалавек! А ці не бачыў ты, ці не ішоў тут салдат?
– Бачыў, – кажа салдат. – Во ў гэты лес пабег.
Паехаў паніч у лес, а там жа ніяк на кані не праехаць. Вярнуўся ён назад дый кажа салдату:
– На, чалавек, патрымай, калі ласка, майго каня, а я пайду ў лес салдата даганяць.
Пайшоў паніч у лес, а салдат тым часам – хутчэй па каню і паехаў у свой двор.
Дзівяцца дзед з бабай, адкуль гэта зяць столькі багацця набраў, і пытаюцца ў яго:
– І дзе ты гэта столькі грошай набраў ды яшчэ і каня?
– А, – сміючыся, кажа салдат, – гэта я авёс малоў, кісель варыў, у кашэль ліў і на рынку прадаваў. Вось як грошы здабыў!
Стала той бабе завідна, намалола яна аўса, наварыла кісялю ды кажа дзеду:
– На, дзед, нясі на рынак прадаваць!
Дзед у дарогу ўвязаў кісель за плечы, каб спраўней несці было. А баба кажа:
– Глядзі ж ты, дзед, грошы не прапі. Усё ж дадому прынясі.
Стала дзеду крыўдна за такія бабіны словы, упаў ён на калені і крыкнуў:
– Каб я счарнеў, калі гэтыя грошы прап’ю!
І пакланіўся ў зямлю. А кісель ўвесь і выцек дзеду на лысіну. 

слушать-скачать>>