Сястра-бязручка
Белорусская народная сказка /на белорусском языке/
Жылі-былі дзед і баба. І былі ў іх сын і дачка. Памерла матка, памірае ўжо і бацька, а сын пытае:
– Што, тата, нам з сястрою рабіць?
А бацька:
– Ну што, мой сын, рабіць. Жывіце дружна, добра, адзін аднаго слухайце. Ты ёй загадвай, каб яна цябе слухала, так дружна і жывіце.
Пажылі яны колькі, тады ажаніцца брат захацеў. Ажаніўся, узяў жонку. А ўсё сястры загадвае, раіцца. Куды едзе ці ідзе – усё сястры загадвае, а сястра ўсё і робіць. А жонцы дужа не спадабалася, што ён сястры, а не ёй загадвае. То на стайні быў конь, а яна ўзяла ды забіла таго каня, і сказала мужу:
– Во твая сястра якая, ты ўсё загадваеш ёй, а яна жарабка забіла.
Ну а ён:
– Мая сястра, мой жарабок – клопату колькі?
Быў у іх сад. Жонка тая ўзяла ды высекла сад. А муж купец быў ды ездзіў многа. Прыязджае, а жонка:
– Во твая сястра добрая сад увесь пасекла.
А ён кажа:
– Ну то ж мой сад, мая сястра – які клопат?
Нарадзіўся ў іх сын, а жонка ўзяла ды сына свайго забіла, ды кажа мужу:
– Вось сястра твая якая, ужо і сына нашага забіла!
– Усё ёй дараваў, а ўжо гэтага – не дарую.
Павёз сястру ў лес, паадсякаў ёй рукі па локці, ды пакінуў яе ў тым лесе, а сам паехаў. Апрытомнела яна і пайшла ў свет. Ішла галодная паўз царскі сад, захацелася ёй яблычка. Яна ў той сад ды даставаць, а тут убачыў яе царэвіч. І такая яна была прыгожая, што спадабалася царскаму сыну. Так ён прыйшоў да бацькі-цара кажа:
– Тата, я вазьму яе за жонку.
– Ну, што, мой сын, падабаецца?
– Падабаецца яна мне, а што рук няма – то клопату!
Узяў ды ажаніўся з той дзяўчынай. Пажылі колькі, нарадзіўся ў іх сын, а царэвіча не было дома. Вось пачула тая братава жонка, што нарадзіла дзяўчына бязрукая сына. І баба ў яе была такая, змяя, што навучала дрэннаму. Напісалі цар з царэўнай лісты, што нарадзіўся сын, і направілі пасланца несці добрыя навіны царэвічу. А пасланец якраз зайшоў да братавай жонкі нанач. Яна пачытала, і да бабы той. А баба тая злая кажа:
– А давай напішам, што нарадзілася жаба, а не дзіцё.
Узялі ды гэтак і напісалі. А той пасланец не ведаў, узяў гэтую запіску і панёс. Прынёс царскаму сыну, той пачытаў ды напісаў адказ: “Хто ні нарадзіўся, да майго прыезду няхай жыве”. Пасланец узяў ліст і зноў да тых самых нанач зайшоў. А тыя паганкі прачыталі, узялі ды спалілі запіску. А самі напісалі: “Да майго прыезду каб не было яе з гэтым дзіцёнкам”.
Ну што ж, прынёс пасланец запіску. Бацька з маці пачыталі.
– А куды ж нам яе адправіць? У яе ж рук няма, як жа яна з дзіцём управіцца?
Прывязалі ёй гэтае дзіцё і пусцілі, дый кажуць на развітанне, думаючы, што волю сына выконваюць:
– Ідзі куды хочаш, ты нам не трэба такая.
Яна і пайшла. Ішла-ішла, бачыць: стаіць крынічка. Яна ў тую крынічку – вады хацела зачарпнуць. Нагнулася, а дзіцё ў крынічку вывалілася. Яна тады куксамі хапаць яго – і рукі такія сталі, як былі. Бо тое крынічка з цудадзейнай вадой была. Яна дзіцё злавіла, увязала і пайшла. Ішла яна, ішла неведама куды. Праз колькі дзён зайшла яна ў свой двор, да брата.
Прыехаў царэвіч дадому, а няма жонкі.
– А дзе ж яна?
– А ты, – кажуць, – запіску прыслаў, каб яе не было. Мы і адправілі.
– А куды?
– Адправілі, а куды яна пайшла, і не ведаем.
Пайшоў царэвіч шукаць яе. Прыходзіць да купца таго, чыя сястра-бязручка была, ды застаўся нанач. І якраз хлопчык той бегае, а царэвіч і кажа:
– От ты Госпадзе, хоць бы казачку хто мне расказаў. Вось і жонка мая, не ведаю дзе.
А хлопчык гэты, сын яго, ды кажа:
– Вось я табе раскажу казку, толькі хто перашкодзіць мне – сто рублёў дае. А я буду расказваць.
– Ну, сто дык сто, толькі ж раскажы.
Хлопчык пачаў апавядаць пра маці пра сваю.
– Вось жыла, – кажа, – сястра з братам. Брат ёй загадваў, калі куды едзе, а жонцы гэта не па нораву было. Яна жарабка забіла і ўсё сказала на сястру. А ён кажа: “Мой жарабок і мая сястра!”
– А, ты выдумяеш! – тая ўжо жонка братава перабівае казку.
– Ну, больш не буду казаць, сто рублёў давайце.
А царэвіч кажа:
– Давай яму грошы, а ён няхай мне скажа ўсю казку.
– Ну, – кажа хлопчык, – потым узяла гэтая жонка сад пасекла і на сястру сказала. Прыехаў купец: “Мая сястра, мой сад, чорт яго бяры!” А тады ўзяла свайго сына забіла і ўсё на сястру сказала. Ну, брат кажа: “Усё дарую, а гэтага ж не дарую!” Павёз у лес і адсёк ёй рукі па локці. Яна без рук ішла ля царскага саду і захацела яблычка. Ну, чым жа яна можа? Куксай прыгарнула, ротам дастала, тут царскі сын яе ўбачыў.
– Ай-яй, што ты будзеш гарадзіць нейкую гараду, гародзіш скараду! – ізноў жонка братава перабівае.
– Ну тады больш не буду казаць, ці сто рублёў.
А цар кажа:
– А ну кладзі яшчэ, не перапыняй, няхай гаворыць, калі я пажадаў.
Яна яшчэ сто рублёў паклала.
– Тады што, – кажа хлопчык, – царскаму сыну яна спадабалася і ажаніўся ён з ёй. Ну і за хуткім часам паехаў недзе – ці ваяваць, ці так дзе. У іх нарадзіўся сын, на пояс у золаце. Напісалі бацька з маткай і паслалі пасланца, каб ён занёс запіску, які сын нарадзіўся. А той пасланец зайшоў да гэтай жа самай бабы – да жонкі брата – а яна ўзяла ды напісала: “Нарадзілася жаба”.
– Ай-яй, якую ты нейкую складу выдумаў!
– А я больш не буду гаварыць ці сто рублёў!
Цар зноў загадаў:
– А ну, кладзі сто рублёў!
Ну і паклала. А тады ўжо хлопец і працягвае казаць:
– Прынёс пасланец запіску, царэвіч засмуціўся і адпісаў: “Хто ні нарадзіўся, да майго прыезду каб быў”. А пасланец зноў зайшоў да гэтай бабы злой нанач. А тут прачыталі, царскі ліст спалілі, а самі напісалі: “Каб да майго прыезду яе выгналі з майго дому”. Тады бацька і маці прачыталі, кажуць: “Нарадзіўся сын прыгожы, па пояс у золаце, а чаго ён напісаў, каб мы яго з маці выправілі? У яе ж і рук няма. Хай ідзе, піша, куды хоча. Куды ж мы яе адправім?” Але ж адправілі яе. Прывязалі ёй яе сына. Яна ішла, захацела вадзічкі, нагнулася з крынічкі піць, а дзіцё тое ў ваду – плюсь! А яна – хапаць куксамі тымі, і ўсё – з’явіліся рукі. І стала яна зноў з рукамі. Вось такая мая казка.
А тады:
– Дык гэта ты мой бацька, – кажа хлопчык. – А я твой сын.
Вось яны падхапіліся ды абняліся.
– А гэта, – кажа хлопчык, – маці мая і твая жонка. Вось мы ўсе твае.
Цар узрадаваўся, забраў іх і павёз у гаспадарства ў сваё. Яе і сына. А сын ужо рос не па гадзінах, а проста па хвілінах. Рос такі вялікі і хутка вырас. І сталі яны жыць-пажываць і дабра нажываць.
слушать-скачать>>