Белорусская народная сказка /на белорусском языке/
Свіны кажушок
Быў сабе дзед з бабаю. Была ў дзеда дачка і ў бабы дачка. Баба сваю дачку надта песціла, а з падчаркі збыткавалася. Сваю дачку – па фэстах, кірмашах, вяселлях – усюдачкі вадзіла. А дзедавай – са свіной скуры зрабіла кажушок, ды тая ў ім у хаце ў цёмглі і сядзела.
Было гэта аднаго разу, якраз на Каляды. Паехала баба з дзедам, узяўшы сваю дачку, да касцёла, а сіраціну, як заўсёды, пакінула ў хаце ды яшчэ дала ёй мерку маку, змяшанага з попелам, каб тая яго чыста перабрала. Плакала падчарка тая, бедная, плакала, а потым падумала сабе:
– Ці так, ці гэтак – я гэтага маку не перабяру. Пайду хоць крышачку на матчыну магілу, мо мне лягчэй будзе.
Пайшла яна на магілу, так плача-плача, ажно маці з магілы пытае:
– Ці дуброва шуміць, ці дарога звініць, ці то ж маё роднае дзіця плача?
Так дачка ёй адказвае:
– Не, не дуброва шуміць, не дарога звініць, але тваё дзіця роднае плача.
Тады яе маці выйшла з магілы, паглядзела, што яе дзіця такое абдзёртае, такое чорнае, цёмнае, няшчаснае – ды яшчэ тая пачала казаць, што ёй мачаха мерку маку пакінула перабіраць. Маці пайшла ў магілу, вынесла ёй вязку адзежы, сукняў, залатыя чаравічкі – усяго-усялякага – і вывела яшчэ за сабой зайчыка. Ды кажа:
– Ну, ідзі ж, маё дзіцятка малюсенькае, у лес. Там стаіць сасна дуплістая – паскладай туды гэтыя ўборы ў сасну. А ў некаторыя ўбярыся сама. Сядай тады на зайчыка і едзь да касцёла. То яшчэ паспееш на імшу. А мак ужо твой перабраны.
Так гэтая дзяўчына пайшла хутчэй, увабралася, абула чаравічкі залатыя, ды паехала на зайчыку да касцёла. Ажно як увайшла яна ў касцёл, то зрабіўся такі бляск ад яе сукні, што людзі адны другіх не бачылі. А быў якраз на тую пару каралевіч у касцёле. Ён аж спалохаўся, бо ніколі гэткага не бачыў. Яна крышачку пабыла ў касцёле, потым выйшла, села на зайчыка, дый паехала. Прыехала да тае дуплістае сасны, пераапранулася, пасадзіла туды зайчыка, ды ў сваім свіным кажушку пайшла дахаты. Ды і села сабе.
Прыходзяць тыя бацькі з касцёлу. Паглядзела мачаха, што мак перабраны, аж галавой закруціла. Сіраціна стала пытаць у яе:
– Мая мамачка, што вы там сёння бачылі і чулі?
– Ужо ж ты такога, – кажа, – не будзеш бачыць, што мы бачылі. Такі бляск быў па ўсім касцёле!
На другі дзень выбіраюцца зноў яны ў касцёл. Сірата тая ў свіным кажушку так ужо просіцца, так просіцца!
– Вазьміце ж мяне з сабою, і я пагляджу таго дзіва!
А мачыха як вызверыцца на яе, ды яшчэ ўдарыла ў плечы:
– Куды, – кажа, – табе, Свіны кажушок! Мая дачка – і тая анічога там не значыць. Будзе даволі, што сёння табе работы не пакіну, сядзі так.
Дый паехалі самі. А яна ж, крышачку счакаўшы, пайшла зноў сабе да дупла. Яшчэ лепшую сукенку апранула. Села на зайчыка, дый паехала! Як увайшла яна ў касцёл, так яшчэ горай, чым напярэдадні, усім вочы засланіла ад вялікага бляску. Усенькія людзі, але што людзі – сам каралевіч не мог сабе да галавы-розуму уявіць, хто ж гэта быў такі! Думаў-гадаў, прыдумаць не мог. А тым часам яна, памаліўшыся, выбегла, села на зайчыка ды паехала.
Тыя бацькі прыехалі дадому, ажно дзеўка зноў у свіным кажушку. Ды яшчэ пытае:
– А што, – кажа, – мо сёння была тая паненка ў бляску?
А мачаха нешта не рада была, толькі гыркнула на яе:
– Што табе да таго, Свіны кажушок?
На трэці дзень зноў бацькі выбіраюцца. Так ужо яна іх просіць, каб узялі, але мачаха ізноў як вызверылася на яе, так дзяўчына і асела. Прыязджаюць да касцёла. Аж ужо каралевіч у брамах поўныя карыты смалы панаставіў. Ажно і сірацінка прыехала. Усхапілася хутчэй з зайчыка, пераскочыла цераз карыта і зайшла ў касцёл. Ажно дубальт* дубальтамі большая яснасць ад яе зрабілася. Так каралевіч ды ўвесь народ нават і адных пацераў не маглі згаварыць, бо ўсё на яе азіраліся.
Пасля імшы выходзіць яна, пераскочыла праз адно карыта, праз другое, а ў апошнім неяк пакаўзнулася. Ды ўграз яе залаты чаравічак у смале. А яна спяшалася, чаравічок не вымала, ды хутчэй паехала.
Ну а каралевіч, той чаравічок узяўшы, давай ездзіць ды мераць, да чыёй жа гэта нагі прыпадзе. Аб’ездзіў усюль – не, не прыпадае ні да чыёй. Урэшце прыехалі ў тое сяло, дзе Свіны кажушок жыла. Ходзяць яны па сяле, мераючы, а мачаха хутчэй сіраціну накрыла карытам, а сваёй дачцэ хутчэй ногі памыла дый папырскала, каб яны былі маленькія. Ажно ўваходзяць у хату. Прымералі старой – нічога, прымералі дачцэ – не, не прыпадае! Каралевіч пытае:
– Мо ў вас яшчэ якая жанчына ці дзеўчына ёсць?
Так мачаха:
– Не, – кажа. – Няма больш анікагусенькі.
А адзін сусед кажа:
– А дзе ж ваша тая, дурная, падзелася? Трэба й на яе змераць!
– Дык яна вось пад карытам. Вось яна дзе!
Паднялі карыта, вылезла сірацінка. Абулі чаравічак – ажно якраз прыйшоўся па назе! Усім дзіва такое стала. А каралевіч кажа:
– Ну, цяпер садзіся за мною ў залаты коч*. Будзеш маёй жонкаю!
Села яна, дый паехалі! Ехалі каля дуплістае сасны, яна злезла, скінула кажушок, ды ўбралася ў залатыя шаты. І забрала зайчыка. Прыехаўшы, каралевіч пусціў пагалоску ўсім панам, каб з’язджаліся на вяселле. Так і мачаха, даведаўшыся, таксама паехала паўзірацца. Вядома, як жа зайздросна на тое дзіва! Ажно такое было вяселле – і лепш быць не можа!
Тады мачаха з вялікага жалю, вярнуўшыся дахаты, дачцы галаву скруціла, а сама на перасове павесілася.

слушать-скачать>>