Сынок з кулачок
Белорусская народная сказка /на белорусском языке/
Быў сабе дзед і баба. Доўга яны жылі, ды дзяцей не мелі. Раз пайшла баба ваду браць у калодзежы. Зачарпнула вядром дый паглядзела, ці поўна зачарпнула. Паглядзеўшы, бачыць: каліва гароху на дне ляжыць. Баба дастала ды з’ела. Вось яна ад гэтага гароху і затаўсцела-зацяжарыла. Панасіла колькі і нарадзіла сына маленькага – з кулачок.
Адзін раз дзед паехаў у поле араць ды сказаў бабе, каб прынесла яму ў поле абедаць. Баба згатавала абед ды хоча ўжо несці ў поле, ажно Сынок з кулачок кажа:
– Мама, я панясу.
Баба спалохалася ды кажа:
– Куды ж ты панясеш? Ты ж такі маленькі! Ты ж поля не ведаеш!
– Знайду, мамка!
Маці ўсё падрыхтавала, а сынок як сеў вярхом на гаршчкі, ды так шпарка паехаў, што ні вокам змігнуць. Пад’ехаўшы да бацькі, ён паставіў гаршчкі, а сам схаваўся за горку і крычыць:
– Тата, хадзі абедаць!
Бацька агледзеўся ды нікога не ўбачыў. Ды зноў сабе арэ. А сынок другі раз кліча:
– Тата, хадзі абедаць!
Бацька зноў яго не ўбачыў. А ён як выйшаў на горку, ды як закрычыць:
– Бацька, ідзі ўжо абедаць!
Бацька яго ўбачыў і пайшоў. А сынок – на саху вярхом, ды давай араць! Каля гэтай нівы тым часам ехаў адзін пан. Угледзеў, як Сынок з кулачок арэ, і пытаецца ў мужыка, ці не прадасць ён хлопчыка. А мужык кажа:
– Каля пана воля хоча, дык я і задарма аддам!
Пан даў мужыку тысячу рублёў. А сабе ўзяў хлопчыка ў кулачок, закруціў яго ў насоўку ды схаваў у кішэню. Сынок вылез з кішэні дый скочыў з воза на дарогу, а пан, не заўважыўшы, паехаў далей. Сынок сыйшоў з дарогі і схаваўся ў траве. А па дарозе ідуць злодзеі і паміж сабою гамоняць:
– Пойдзем у пана ўкрадзем вала!
А сынок пачуў гэта і крычыць з травы прыдарожнай:
– А я раскажу!
Злодзеі папужаліся таго голасу ды кажуць:
– Хто гэта там? Хадзі з намі!
Сынок з кулачок выйшаў і пайшоў з імі. Прыйшоўшы да панскай пуні, дзе стаялі быкі, пачалі вырашаць:
– Хто ж палезе ў пуню?
А Сынок з кулачок кажа:
– Я!
І палез у пуню. Падыйшоў да быкоў ды закрычаў:
– Якога вам быка ўзяць?
Пан пачуў гэта ды прыбег з цяплом у пуню, але не ўбачыў нікога, ды вярнуўся зноў дадому. А сынок выбраў сабе самага лепшага быка ды вывеў злодзеям. Злодзеі ўзялі быка ды зарэзалі, а коўб* кінулі на дарозе. А самі паехалі. Сынок з кулачок застаўся ды ўлез у коўб. Прыйшоў з лесу воўк ды з’еў той коўб. А Сынок з кулачок як стаў крычаць у сярэдзіне ваўка! Звяруга спужаўся дый кажа:
– Што хочаш, я зраблю. Толькі ж не крычы!
А сынок кажа:
– Вязі мяне да таткі!
Воўк і павёз. Як толькі прыехалі яны да дзвярэй, то сынок і стаў крычаць:
– Тата-тата! Адчыняй дзверы!
Бацька і адчыніў.
– Бяры, бацька, таўкач ды бі ваўка!
Бацька забіў ваўка, садраў шкуру, вырабіў і пашыў сыночку шубу.