Белорусская народная сказка /на белорусском языке/

З рога ўсяго многа

Жыў сабе дзед з бабай. І ў іх не было нічога, толькі адна лубачка жыта. Дзед і кажа:

– Бабка-бабка, што будзем рабіць з гэтым жытам?

А баба кажа:

– А ты ідзі на млын, змялі там жыта – хлебца спячом!

Пайшоў тады дзед на вадзяны млын, змалоў жыта і ідзе дамоў. Ідзе дамоў і зайшоў у карчму, а муку паставіў на заваленцы ля карчмы. Усхадзіўся раптам вецер і раздзьмуў дзедаву муку. Узяў дзед пустую лубку і пайшоў дадому.

– Бабка-бабка, што мы будзем рабіць? Паставіў я муку на заваленцы, а вецер і раздзьмуў яе.

– А ідзі, дзедка, не даруй яму!

І пайшоў тады дзед шукаць ветра.

Ішоў-ішоў, ішоў-ішоў, бачыць – хатка. Узяў ён тую хатку за вугал і стаў абарочваць. А вецер тут і крычыць:

– Не руш маю хатку! На табе акрайчык хлебца, дык як будзеш яго есці, то ён будзе большаць.

Узяў той акрайчык дзед ды пайшоў дадому, а па дарозе зайшоў да кумы нанач.

Стаў ён есці той хлеб. А ён не ўбывае, а прыбывае! Узялі куму моцныя завідкі. Яна ноччу ўзяла, адрэзала акрайчык хлеба звычайнага ды падмяніла: ягоны ўзяла сабе, а свой дала яму. Ото прыходзіць дзед дадому, сталі яны з бабай той акрайчык есці і…з’елі.

– Падмануў вецер! – гыркнуў дзед.

– Ідзі, дзедка, ды не даруй ты ветру.

Пайшоў дзед зноў. Ішоў-ішоў, знайшоў ветраву хатку. Узяў яе за вугал і стаў абарочваць. А тады вецер гукае:

– Чалавек-чалавек, не руш маю хатку! А на табе баранчыка. Як ты скажаш: “Баранчык, страсяніся! Высып золата-срэбра!” – ён і высыпле.

Ото дзед узяў баранчыка дый пайшоў дадому, ды не дайшоў, а ізноў зайшоў да кумы нанач. Пасядзеў трошкі і ўздумаў праверыць, ці праўда гэта, што яму той вецер сказаў. І кажа куме:

– Дай-ка мне, кумачка, дзяругу*.

Кума дала яму дзяругу, ён паставіў баранчыка на дзяругу і кажа:

– Баранчык, страсяніся, ды высып золата-срэбра!

А баранчык страсянуўся, і высыпалася і золата, і срэбра. А кума гэта ўбачыла і ноччу замяніла баранчыка. Назаўтра дзед узяў кумінага баранчыка і пайшоў дадому ў добрым гуморы. Прыходзіць дадому, паставіў баранчыка на дзяругу і кажа:

– Баранчык-баранчык, страсяніся! Высып золата-срэбра!

А баранчык той стаіць, як дурань.

Праганяе тады баба ізноў дзеда:

– Ідзі ды не даруй ты ветру!

Пайшоў дзед ізноў да ветравай хаты.

Ізноў стаў яе за вугал абарочваць. А вецер, гэта ўбачыўшы, і крычыць:

– Чалавек-чалавек, не руш маю хату, на табе ражок. Цяпер тваё ўсё вернецца, трэба толькі сказаць: “З рога ўсяго многа!”

Узяў дзед ражок і пайшоў дзед дадому. Прыходзіць ізноў па дарозе да кумы. Пасядзеў трохі і гаворыць:

– Вось, кумка ты мая, ёсць у мяне ражок – што захочаш дасць. Толькі скажы яму: “З рога ўсяго многа!” – тут табе ўсяго і будзе.

Дзед выйшаў на двор, а кума зараз жа і кажа:

– З рога ўсяго многа!

Як толькі яна гэта сказала, як выскачылі з гэтага рога малайцы з бізунамі, як сталі яе біць! Білі-білі, а яна крычыць! А тут уваходзіць дзед.

– Ай, кумок, ратуй мяне! Аддам я табе і акрайчык, і баранчыка – каб толькі яны кінулі біцца.

А тады дзед кажа:

– Ох, усе ў рог!

І яны і пахаваліся назад у рог. Аддала тады кума і акрайчык, і баранчыка. Дзед забраў сваё і пайшоў дадому. Прыйшоў дамоў і стаў жыць. І стаў ён такім багатым, што ні здумаць, ні згадаць, ні ў казцы сказаць, ні пяром напісаць. Ну і, вядомая справа, калі ён такі багаты, дык і сябраваць пачаў з багатымі. Раз сабраў дзед пір ды паклікаў сваіх дружбакоў-паноў. Яны на гэтай гулянцы паўпіваліся, а адзін жа ж – не. Вось ляглі яны спаць, а той узяў хлеб і баранчыка – і да сябе дадому.

Назаўтра агледзеўся дзед – няма ні баранчыка, ні акрайчыка. Тады запрог каня і паехаў да таго пана. А той жа ж пытаецца ў дзеда:

– А што ж ты мне, дзед, прывёз?

– А я ж табе прывёз ражок.

– А пакажы які.

Дзед паказаў, а тады пан пытае:

– А што з ім рабіць?

– А вось што, паночак. Скажы толькі: “З рога ўсяго многа!” – дык ён жа ж і дасць усё, што захочаш.

А пан зараз і кажа:

– З рога ўсяго многа!

А як выскачыў адтуль тузін малайцоў з кулькамі, а як сталі яго лупіць! А пан гэты крычыць крычма:

– Ой, дзедка, ратуй! Аддам і баранчыка твайго, і акрайчык, а то ж яны мяне заб’юць!

Ну, тады ўжо дзед злітаваўся з яго і кажа:

– Ох, усе ў рог!

Усе яны і пахаваліся. Узяў дзед і акрайчык, і баранчыка, і ражок – і пайшоў дадому. Стаў тады дзед жыць сам па сабе, перастаў ужо дружыцца з багатымі.

слушать-скачать>>