Іван Прыўкрасны і князь Ладымір
Белорусская народная сказка /на белорусском языке/
Жыў-быў сабе Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і служыў ён па князях, па панах і па ўсіх багатырах. Не меў ён сабе ні адзення багатага, ні слова добрага. Наняўся ён да князя Ладыміра, кіеўскага самадзержца мнагалітасцівага. Праслужыў ён у князя тры гады – ды ўсё так сама не меў ні адзення батага, ні слова добрага.
Даждалі Вялікадня. Князь Ладымір стаў сваіх слуг, што былі ў яго, збіраць. Быў у яго Алёшка – лёгкі на язык, салодкі на слова. Князь Ладымір і пытае ў Алёшкі:
– Ніхто на нас не крыўдзіцца? Ніводная душа?
– Ёсць у нас Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны! Той крыўдзіцца.
Паклікаў князь Ладымір да сябе Івана і дае яму куні* нячыненыя і шубу няшытую.
– Вось табе куні нячыненыя і шуба няшытая. Каб б ты сабе гэтыя куні пачыніў і сабе шубу пашыў, і каб са мною на завутрань паспеў!
Атрымаў тое Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і горка заплакаў. Пайшоў ён да ракі Дняпро і думае сам сябе загубіць. А тут бач – з’яўляецца да яго баба, як сянная капа.
– Чаму ты, Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, журышся? Я твайму гору дапамагу, будзеш мяне за гэта маткай зваць.
– Буду.
– Ну, сядай на мяне.
Баба старая перавезла Івана на той бераг ракі. Там стаіць дом – не ўздумаць, не згадаць, толькі пяром напісаць. Прыносіць баба яго да варотаў, бразнула ў дзверы, выскоквае дзяўчына – Алёна Сівалобаўна.
– От табе друг, будзеш яго сваім мужам называць.
– Буду.
– Вось ты яму куні пачыні і шубу пашый. І выправі з князем Ладымірам на завутрань.
– Кладзіся, друг мой Іван Прыўкрасны, спаць, – гаворыць Алена Сівалобаўна. А сама выходзіць на ганак ды як крыкне багатырскім голасам! Ідуць да яе ўсе слугі.
– Пра што ты нас пытаеш?
– А вось трымайце, каб б вы куні гэтыя пачынілі і шубу той жа час мне пашылі.
Раніцай Алёна Сівалобаўна стала Івана будзіць:
– Уставай, мой друг, вось шуба гатовая. На завутрань звоняць.
Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, надзеў шубу тую, тады Алёна дае яму тры яечкі.
– Адным ты яечкам князя Ладыміра пахрыстосуй, другім – папа, а трэцяе прывязі ў двор.
Пасля завутрані Алёшка – лёгкі на язык, салодкі на слова – і кажа Івану:
– Пахрыстосуй, брат, і мяне.
Пахрыстосаваў Іван і яго. Прыязджае ў двор, а Алена і гаворыць яму:
– Хрыстосуй мяне!
– А я, – гаворыць Іван, вочы апусціўшы,– Алёшку пахрыстосаваў…
– От жа дзе дурань. Сабе безгалоўе атрымаеш!
Тады князь Ладымір сабраў багатых і ўбогіх на абед і спытаўся ў багатых:
– Ну, хваліцеся багаццем, буду за багацце хваліць! А ўбогіх – надараць!
Іван Прыўкрасны сядзіць – нічога не адказвае. А Алёшка – лёгкі на язык, салодкі на слова – запышэў і гаворыць:
– Іван сабе жонку знайшоў, прыгажэй за ўсіх на свеце!
А Ладымір на гэта і кажа:
– Паслаць яго да Ваўка Мінчыгрэя па самаграйныя гуслі! Мінчыгрэй яго са свету звядзе, а жонка ў нас застанецца!
Тады напісалі ліст ды паслалі Івана да Ваўка Мінчыгрэя, і сказалі ў дарогу:
– Калі ты не прынясеш нам самаграйныя гуслі, то табе плаха і меч – і галава з плеч.
Узяў той ліст Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і заплакаў. Прыходзіць ён да Алёны Сівалобаўны, уведала яна пра гэтую гісторыю з князем ды гуслямі і кажа:
– Я табе гаварыла, што будзе табе безгалоўе! Ну, на табе шырынку, кашулю і порткі. Калі ж стане табе зусім кепска, успомні мяне тры разы.
Прыехаўшы да Ваўка Мінчыгрэя, Іван падаў яму ліст ад князя. А Воўк Мінчыгрэй прачытаў ліст і гаворыць:
– У мяне няма гусляў гатовых, трэба каваць. А табе, Іван Прыўкрасны, давядзецца дуць у мяхі на кузні без перадыху трое сутак.
Іван Прыўкрасны тры разы за трое сутак адпачываў, ды Воўк Мінчыгрэй на яго моцна зазлаваў праз гэта і хацеў з’есці. А Іван Прыўкрасны папрасіў у ваўка сабе лазню, каб на смерць памыцца. Памыўшыся, стаў кашулю апранаць і Алёну Сівалобаўну памінае:
– Дзякуй табе, Алёна Сівалобаўна, што ты мне на смерць кашулечку дала.
А Воўк Мінчыгрэй пачуў і пытаецца ў яго:
– Хто табе Алёна Сівалобаўна?
– Жонка яна мне, – кажа Іван.
– А чаму ж ты мне раней гэтага не сказаў? Яна сястра мне! І ў мяне ёсць гуслі гатовыя.
Воўк Мінчыгрэй і даў Івану гуслі. Ён іх прывёз і аддаў князю Ладыміру. Цераз Алёну Сівалобаўну і застаўся жывым. І цяпер яны жывуць, мёд-віно п’юць. І я ж там быў, мёд-віно піў – па вусах цякло, а ў рот не папала.